У 2025 годзе Рэспубліка Беларусь урачыста адзначыць 80-годдзе Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Жыхары Беларусі разам з усімі народамі Савецкага Саюза ўнеслі свой уклад у агульную справу перамогі над фашызмам. Наша зямля першай прыняла на сябе ўдар гітлераўскай Германіі і здолела даць годны адпор захопнікам, паказаўшы ўсяму свету прыклад мужнасці, бясстрашнасці і гераізму.
Вялікая Айчынная вайна з'яўляецца адной з ключавых падзей сучаснай айчыннай гісторыі. Памяць аб яе падзеях, выдатных удзельніках, гераічных подзвігах нашых суайчыннікаў на франтах і самаадданай працы ў тыле, смутак аб велізарных стратах, якія Беларусь панесла ў гады вайны, духоўна аб'ядноўвае наша сучаснае грамадства і з'яўляецца адным з галоўных складнікаў гістарычнай свядомасці беларускага народа.
Вызваленне Беларусі ад фашызму прынесла нам мір, свабоду, заклала падмурак незалежнасці і росквіту Рэспублікі Беларусь.
Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг. - найважнейшая падзея ў сучаснай сусветнай гісторыі, найвялікшы Подзвіг савецкага народа.
Уклад Беларускай ССР у барацьбу з фашызмам прызнаны сусветнай супольнасцю. У 1945 годзе Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка ўвайшла ў лік краін-заснавальнікаў і стала членам Арганізацыі Аб'яднаных Нацый.