22 чэрвеня 1941 г., на досвітку, фашысцкая Германія без абвяшчэння вайны вераломна напала на Савецкі Саюз.
На тэрыторыю Беларусі наступала найбуйнейшая нямецкая група армій "Цэнтр" у складзе 4-ай і 9-ай палявых армій, 2-ой і 3-яй танкавых груп, усяго 50 поўнаўкамплектаваных дывізій (у тым ліку 9 танкавых, 6 матарызаваных і 1 кавалерыйская) і 2 брыгады. Групу армій "Цэнтр" падтрымліваў 2-гі паветраны флот – самы моцны ў нацысцкай арміі (1670 самалётаў).
Заходнюю мяжу на беларускім участку ў той час прыкрывалі тры арміі: на левым флангу 4-ая (камандуючы генерал-маёр А.А. Карабкоў), у цэнтры 10-ая (камандуючы генерал-маёр К. Д. Голубеў) і на правым флангу 3-ая армія (камандуючы генерал-маёр У. І. Кузняцоў).
З першых жа дзён вайны на тэрыторыі Беларусі праходзілі жорсткія баі. Фашысцкія самалёты бамбілі г.п. Свіслач і ст. Свіслач, а таксама размешчаныя недалёка ад іх, у Кватарах, і недабудаваныя яшчэ аэрадромныя пляцоўкі, ваенныя аэрадромы каля вёсак Сцёкі і Дашкавічы. Пасля некалькіх налётаў гэтыя аэрадромы былі цалкам знішчаны, а самалёты спалены. Пад бесперапыннай бамбёжкай і артабстрэлам адыходзілі тады ад дзяржаўнай мяжы падраздзялення 13–га механізаванага корпуса, камандаваў войскамі гэтага корпуса і кіраваў абаронай на лініі Свіслач – Поразава-Новы Двор генерал-маёр Пётр Мікалаевіч Ахлюсцін, кавалер ордэна Чырвонага Сцяга і двух ордэнаў Чырвонай Зоркі.
Сілы ворага ў некалькі разоў перавышалі сілы корпуса, які да пачатку вайны не быў цалкам укамплектаваны. Акрамя таго, у баях каля мяжы ён страціў амаль палову гэтага няпоўнага складу. Шэрагі корпуса моцна парадзелі. Штыкамі і гранатамі, а часам і сапёрнымі рыдлёўкамі даводзілася адбіваць атакі гітлераўцаў, цаной свайго жыцця падрываць варожыя баявыя машыны і танкі. Нягледзячы на тое, што сілы былі няроўнымі, ноччу з 24 на 25 чэрвеня на дарозе Свіслач – Поразава салдаты 62-га танкавага палка 31 дывізіі будавалі абарончыя ўмацаванні, падрыхтоўваючы гэты ўчастак да абароны. З першымі прамянямі Сонца чатыры фашысцкіх самалёта пачалі бамбіць перадавую. Вецер яшчэ не паспеў разагнаць дым ад выбухаў, як на абаронцаў рушылі фашысты. Варожая пяхота ехала на аўтамашынах. Суправаджала іх каля дзясятка бранявых машын.
Гарачыя баі вялі воіны 13-га мехкорпуса і за гарадскі пасёлак Свіслач. На працягу 12 гадзін не змаўкала артылерыйская кананада, ружэйная і кулямётная перастрэлка на подступах да нашага райцэнтра. Варожая артылерыя падвергла жорсткаму абстрэлу Свіслач і прылеглыя наваколлі. Палалі жылыя дамы. Вораг не пашкадаваў праваслаўную царкву і каталіцкі касцёл, шпілі якія былі бачныя здалёку і, падпаленыя запальнымі снарадамі, з'явіліся добрым арыенцірам для варожых артылерыстаў.
13-ы мехкорпус вымушаны быў адступаць. Адступіўшы ў напрамку Мсцібава, штаб 13-га мехкорпуса, а з ім некалькі парадзелых палкоў трапілі ў крытычную сітуацыю. Яны былі акружаны фашыстамі. П. М. Ахлюсціну нічога не заставалася, як аддаць загад капітану С.З. Кремневу знішчыць дакументы корпуса. Затым генерал Ахлюсцін збірае пакінутых у жывых на гэтым участку байцоў і камандзіраў і цёмнай ноччу вядзе іх на прарыў варожага кольца. Аперацыя ўдалася, і нашы воіны на чале з генералам, злучыўшыся з іншымі падраздзяленнямі корпуса, ляснымі дарогамі, у асноўным начамі, абыходзячы забітыя варожымі калонамі шашэйныя дарогі, накіраваліся на ўсход на злучэнне з Чырвонай Арміяй. Адыходзячы, нашы прайшлі 500 км па тылах ворага да горада Прапойска, што на рацэ Сож, не страціўшы ні сцяга корпуса, ні зброі, аж да выхаду з акружэння застаючыся баявой часткай Чырвонай Арміі. Праўда, з 22 тысяч салдат і афіцэраў корпуса да выхаду на раку Сож у страі заставалася ўсяго каля васьмісот чалавек. На пераправе праз Сож рэшткі корпуса нечакана былі атакаваныя з зямлі і з паветра фашыстамі. Пераправа была разбітая. Прыйшлося ўплаў дабірацца на свой бераг. Часткі байцоў удалося пераплысці раку, схавацца ў прыбярэжных лазняках і застацца ў жывых. Камандзіра корпуса генерала Ахлюсціна параніла яшчэ да пераправы, і ён мог бы скарыстацца сваім становішчам і пераправіцца сярод першых, але ён вычакаў, калі ў бяспецы будуць усе воіны, і стаў перапраўляцца адным з апошніх. Генерал так і не даплыў да супрацьлеглага берага, загінуў ад варожых куль. Гэта здарылася 28 чэрвеня 1941 г.
У чацвер, 26 чэрвеня, у пасёлак Свіслач увайшлі нямецкія часткі. Асноўныя іх сілы спыніліся ў парку ў былой рэзідэнцыі графа Тышкевіча. Да гэтага дня парк і будынак былога палаца належалі дзіцячаму прытулку. Дзяцей-сірот перасялілі ў плябанію ксяндза. Фашысты адчувалі сябе поўнымі гаспадарамі: пачалі гатаваць вячэру, роўнымі радамі стаяла тэхніка.