Да 80-годдзя вызвалення Беларусі

Вялікая Айчынная вайна з'яўляецца адной з ключавых падзей сучаснай айчыннай гісторыі. Памяць аб яе падзеях, выдатных удзельніках, гераічных подзвігах нашых суайчыннікаў на франтах і самаадданай працы ў тыле, смутак аб велізарных стратах, якія Беларусь панесла ў гады вайны, духоўна аб'ядноўвае наша сучаснае грамадства і з'яўляецца адным з галоўных складнікаў гістарычнай свядомасці беларускага народа.

Наша зямля першай прыняла на сябе ўдар гітлераўскай Германіі і здолела даць годны адпор захопнікам, паказаўшы ўсім свеце прыклад мужнасці, бясстрашнасці і гераізму. Жыхары Беларусі разам з усімі народамі Савецкага Саюза ўнеслі свой уклад у агульную справу перамогі над фашызмам.

У 2024 годзе споўніцца 80 гадоў з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Шлях да вызвалення пачаўся ў 1943-м, калі ў выніку правядзення Смаленскай, Бранскай, Чарнігаўска-Прыпяцкай, Лепельскай, Гомельска-Рэчыцкай аперацый былі вызваленыя першыя гарады Беларусі.

Разгром нямецка-фашысцкіх войскаў у Беларусі ўвайшоў у гісторыю як адна з найважнейшых бітваў Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў. Многія гісторыкі расцэньваюць яго як катастрофу вермахта, а некаторыя – і як канчатковае паражэнне нацыстаў. Сапраўды, агульныя страты немцаў летам 1944 года перавысілі тыя, якія яны панеслі на Волзе, пад Сталінградам. На тэрыторыі Рэспублікі-партызанкі было знішчана звыш 381 тыс. і ўзята ў палон 158 тыс. нацысцкіх салдат, афіцэраў і генералаў.

Вызваленне Беларусі ад фашызму прынесла нам мір, свабоду, заклала падмурак незалежнасці і росквіту Рэспублікі Беларусь.