Вызваленне

Паспяховае ажыццяўленне аперацыі "Баграціён" (пачалася 23 чэрвеня 1944 года), прывяло да разгрому гітлераўскіх войскаў арміі "Цэнтр" і вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Баі за вызваленне Свіслачы і Свіслаччыны былі часткай Беластоцкай аперацыі 1944 года. Гэта наступальная аперацыя войскаў 2-га Беларускага фронту (камандуючы генерал-палкоўнік Г.Ф. Захараў) з 5 па 27 чэрвеня – складовая частка аперацыі "Баграціён". У ёй прымалі ўдзел арміі: 3-ая (перададзена ў склад 1-га Беларускага фронту, камандуючы генерал-палкоўнік А.У. Гарбатаў), 49-ая (генерал-лейтэнант І.Ц. Болдзін), 4-ая паветраная (генерал-палкоўнік авіяцыі К.А. Вяршынін), а таксама 65-ая і 48-ая арміі 1-га Беларускага фронту (камандармы: генерал-лейтэнант, двойчы Герой Савецкага Саюза П.І. Батаў і генерал-лейтэнант П.Л. Раманенка).

На падставе дырэктывы Стаўкі Вярхоўнага камандавання ад 04.07.1944 г. войскам 2-га Беларускага фронту была пастаўлена задача развіваць наступ у напрамку Навагрудак – Ваўкавыск – Свіслач – Беласток; у ходзе наступлення завяршыць разгром рэшткаў нямецка-фашысцкіх 4-ай і 9-ай армій.

14 чэрвеня воіны 49-ай арміі вызвалілі Ваўкавыск і падышлі да Свіслачы. 10 чэрвеня ў аперацыю былі ўведзеныя войскі 50-ай арміі. За 6 дзён выйшлі на мяжу ракі Свіслач і Нёман, фарсіравалі іх і 16 чэрвеня вызвалілі правабярэжную частку Гродна.

У выніку трохдзённых баёў часткі 48-ай арміі нанеслі зруйнавальны ўдар па гітлераўскіх войсках у раёне Поразава. 15 чэрвеня 1944 г. савецкія войскі ступілі на Свіслацкую зямлю. Да канца гэтага дня былі вызваленыя г.п. Поразава і вёска Новы Двор. Гарадскі пасёлак Свіслач, а больш дакладна яго руіны, былі занятыя ў другой палове дня 17 чэрвеня.

Першымі з усходу ў Свіслач увайшлі воіны 190 стралковага і 220-га гвардзейскага супрацьтанкавага палкоў 5-ай стралковай Арлоўскай Чырванасцяжнай ордэнаў Суворава і Кутузава дывізіі (камандзір палкоўнік М.Т. Міхаліцын).

Перадавы атрад 190-га палка падняў чырвоны сцяг над практычна адзіным ацалелым будынкам у цэнтры Свіслачы-кінатэатрам "Зорка". З паўднёвага ўсходу ў наш гарпасёлак увайшлі воіны 217-ай Унецкай ордэнаў Леніна, Чырвонага Сцяга, Суворава II ступені стралковай дывізіі (камандзір Герой Савецкага Саюза палкоўнік Мікалай Паўлавіч Масонаў), а таксама 413-га ордэна Кутузава III ступені стралковага палка (камандзір Герой Савецкага Саюза палкоўнік І.І. Кузняцоў). Як вядома, у Свіслачы пры вызваленні і загінуў смерцю храбрых Герой Савецкага Саюза Мікалай Паўлавіч Масонаў.                                               

У вызваленні раёна ўдзельнічалі лётчыкі 783-га авіяцыйнага палка 199-ай Слонімскай авіяцыйнай дывізіі. Яны па некалькі разоў на дзень падымаліся ў паветра. Група самалётаў Іл-2, якую ўзначальваў капітан Халіулін на станцыі "Свіслач" знішчыла, якія стаялі там эшалоны з жывой сілай і тэхнікай ворага і цыстэрнаў з гаручым. У гэтым баі вызначыліся лётчыкі Зайчанка, Капытоў, Сахараў, Меднагонаў, Жуканаў, Хабараў, Турбін.                                     

Паспяховым дзеянням лётчыкаў спрыялі байцы 857-га авіябатольона абслугоўвання, у якім служыў наш зямляк – свіслачанін І.Г. Жыўлюк.