З першых дзён акупацыі на тэрыторыі раёна пачаў расці партызанскі рух. Яго арганізатарамі былі актывісты Савецкай улады, а таксама нашы салдаты, якія трапілі ў акружэнне. Адным з такіх мсціўцаў на Свіслаччыне быў Мікалай Мікалаевіч Болтрык. Да вайны ён працаваў загадчыкам сектара кадраў райвыканкама, быў дэпутатам народнага савета СССР. Яшчэ пры польскай уладзе ў Заходняй Беларусі Мікалай Мікалаевіч удзельнічаў у рэвалюцыйным руху, за што ў 1938 годзе быў асуджаны на 8 гадоў. Выйшаў на волю пасля далучэння Заходняй часткі Беларусі ў склад БССР.
У першыя дні вайны па даручэнні райкама партыі ён быў накіраваны ў Дабравольскі сельскі савет, каб мабілізаваць гужавы транспарт для эвакуацыі насельніцтва. Калі ён вярнуўся ў Свіслач, аказалася, што ўвесь саўпартактыў ужо выбыў па кірунку да Ваўкавыска. Ён зрабіў спробу дагнаць сваіх, але ён не змог гэтага зрабіць: фронт пайшоў далёка на ўсход. Тады ён прыняў рашэнне вярнуцца ў Свіслацкі раён.
Дзейнічаючы асцярожна, Мікалай усталяваў сувязь з актывістамі Савецкай улады і аб'яднаў іх у групу з дзевяці чалавек. Датай яе арганізацыі з'яўляецца 17 ліпеня 1941 года. Сваёй галоўнай задачай партызаны паставілі здабыць зброю, весці шырокую агітацыю сярод насельніцтва, змагацца з здраднікамі, а таксама наладзіць сувязь з вялікай зямлёй, раздабыўшы радыёпрыёмнік. Аднак вопыту работы ў падполлі ў многіх не было, і таму здараліся і правалы. У жніўні 1941 года ў лесе каля хутароў Броўск падчас праслухоўвання па радыёпрыёмніку перадачы з Масквы былі схоплены гестапа і да смерці закатаваныя члены групы, камсамольцы Іван Сачак з вёскі Масева і Аляксей Болтрык з вёскі Болтрыкаў. Да пачатку восені 1941 года група налічвала ўжо 25 чалавек. Так у склад групы ўліліся камсамольцы Рыгор Завіруха з вёскі Вялікія Міхалкі і Мікалай Русак з Дабраволі. А ўзначаліў яе камандзір Чырвонай Арміі Васіль Пятровіч Кірычэнка. Неўзабаве група ўстанавіла сувязь з партызанамі, якімі кіраваў былы чырвонаармеец Іван Нічыпаравіч Крывабародаў.
Першую буйную дыверсійную аперацыю група здзейсніла, падарваўшы чыгуначны састаў з жывой сілай і тэхнікай ворага 6 лістапада 1941 года на ўчастку дарогі Свіслач-Гайнаўка. Паколькі ў партызан не было выбухоўкі, партызаны вырабілі металічныя ломікі для вышморгвання мыліц з шпал і на ўхіле шляху разабралі 50 метраў рэек. Амаль на суткі рух быў прыпынены.
Насоўвалася суровая зіма 1941-42 гадоў. Скарыстаўшыся цяжкімі ўмовамі зімы, немцы вырашылі здушыць партызанскі рух. 19 студзеня 1942 года, калі атрад вырашыў адпачыць на адным з хутароў вёскі Цісоўка, на ўскрайку невялікага лесу, ён быў высочаны фашыстамі і ўзяты ў кола. Сілы былі няроўныя. Нягледзячы на жорсткае супраціўленне партызан кальцо сціскалася. Шлях да лесу быў адрэзаны, скончыліся боепрыпасы. Выратаванне было толькі ў адным-ірвануць праз кальцо. У адным месцы шасцёра з дваццаці пяці прарваліся і сышлі ў лес, а адтуль— у Белавежскую пушчу. У гэтым баі загінула 19 чалавек. Але вясной 1942 года барацьба разгарнулася з новай сілай. Дробныя групы ў Белавежскай пушчы сталі аб'ядноўвацца, і ўжо ў красавіку на чыгунцы Свіслач-Гайнаўка, на тэрыторыі Ляцкай пушчы, група М. Болтрыка пусціла пад адхон другі варожы эшалон. А летам 1942 года яны перайшлі да баявых аперацыях аж да разгрому варожых гарнізонаў. Так на дарозе Нарэўка-Белавежа з засады было знішчана 7 салдат Вермахта, якія перавозілі на падводах прадукты харчавання, а затым у раёне вёскі Скупаева, знішчылі паліцэйскі гарнізон.