Акупацыйны рэжым

Акупацыйны рэжым - вынік планамернага правядзення дзяржаўнай палітыкі нацысцкай Германіі. Сістэма мерапрыемстваў акупацыйнага рэжыму распрацоўвалася загадзя, яшчэ да нападу на Савецкі Саюз.

Галоўныя яго прынцыпы і напрамкі былі прадстаўлены Гітлерам у сакрэтным мемарандуме «некаторыя думкі аб абыходжанні з насельніцтвам на Усходзе» ад 25 мая 1940 г. У ім гаварылася, што захопленыя ўсходнія тэрыторыі трэба разглядаць як аб'ект каланізацыі і германізацыі. Акупацыйная палітыка, гаварылася ў мемарандуме, павінна была быць накіравана на тое, каб ператварыць актыўную масу насельніцтва ў напаўпісьменных рабоў.

Беларусь была акупаваная на працягу чэрвеня-жніўня 1941 г. Фашысты ставілі сваёй мэтай ліквідаваць Нацыянальную дзяржаўную незалежнасць, ператварыць нашу рэспубліку ў аграрна-сыравінны прыдатак і калонію імперыялістычнай Германіі. Яны падзялілі тэрыторыю Беларусі.

Для правядзення сваёй палітыкі гітлераўцы стварылі айнзацкаманды, зондэркаманды, таемную палявую паліцыю, паліцыю бяспекі, фельдкамендатуры, орткомендатуры, жандармерыю і іншыя карныя органы. Уся неабмежаваная ўлада на акупаваных раёнах належала нямецкім ваенным палявым і мясцовым камендантам.

З прыходам нямецка-фашысцкіх захопнікаў адразу аднавілася адміністрацыйнае дзяленне, якое існавала раней, пачалі дзейнічаць гміны. Войтам гміны ў Свіслачы стаў Фолькс-Дойчэ Функе, камендантам – сяржант Абвесла. Самыя жорсткія паліцаі былі Акрутны і Клэк. Праз месяц была ўсталяваная акупацыйная нямецкая адміністрацыя, гміна была перайменаваная ў камісарыят. Першым нямецкім камісарам стаў гітлеравец фон Оденбах. Ён заняў для свайго жылля лепшы двухпавярховы дом у цэнтры Свіслачы, туды была звезена лепшая мэбля свіслацкіх габрэяў і ўсё што яму падабалася. Яўрэяў звезлі ў раён прышколка, цяпер вуліца Мельнова, вул. Камсамольская, вул. Горкага да вул. Новая. Там было створана гета - ізаляванае і строга ахоўнае месца. З сабой габрэі маглі ўзяць толькі самае неабходнае. Зняволеным габрэям даводзілася выконваць самую цяжкую і небяспечную працу, за найменшую правіннасць - расстрэл. Спецыяльна для яўрэяў быў уведзены адметны знак - жоўтая шасціканцовая зорка на левым баку грудзей і пляча. Ім было забаронена з'яўляцца на рынках і ў грамадскіх месцах, карыстацца транспартам. Дазвалялася хадзіць толькі па праезнай частцы і толькі па адным. Яўрэйскую моладзь адбіралі і накіроўвалі ў працоўны лагер у г. Ваўкавыск. На пакінутых жыхароў гета накладвалі кантрыбуцыю.

Не мог не запомніцца свіслачанам дзень 2 лістапада 1942 г. Ледзь толькі стала світаць, немцы выгналі габрэяў на вуліцу, не даўшы апамятацца, загадалі пабудавацца ў калону. У асноўным гэта былі дзеці, жанчыны, старыя.  Калона рушыла ў бок урочышча Вішэўнік. Ахвярам загадалі распрануцца да бялізны. Затым дарослых ставілі па 10-15 чалавек у шэраг на краі ямы і расстрэльвалі з вінтовак, дзяцей забівалі прыкладамі. Экзэкуцыя пачалася каля двух гадзін дня і працягвалася да позняга вечара. Каго не паспелі знішчыць у першы дзень, загналі на ноч у склеп і працягнулі крывавую расправу раніцай наступнага дня. Гэта месца стала апошнім прытулкам 1536 чалавек.

Перакладчыцай амаль да канца акупацыйнага рэжыму служыла былая гімназістка Зоя Дода, бацька якой, у мінулым быў настаўнік, прадаваў звезеную з габрэйскіх дамоў маёмасць: падушкі, пасцелі, пярыны. Як ні дзіўна, перад адступленнем немцы расстралялі і бацьку, і дачку, якія ім дакладна служылі. Відаць занадта шмат яны ведалі пра злачынствы акупантаў.

Жорстка распраўляўся з жыхарамі раёна 322-гі нямецка-фашысцкі паліцэйскі батальён. 23 ліпеня 1941 г. яны размясціліся ў сядзібе Белавежа, у былым царскім палацы. Белавежа стала рэзідэнцыяй нямецкай акругі, дзе дзейнічаў карны батальён № 322. Першым і галоўным заданнем карнікаў - было высяленне людзей з вёсак, якія знаходзіліся ў пушчы і ліквідацыя гэтых населеных пунктаў.

2 жніўня 1941 года замест батальёна 322 сюды прыбыў іншы батальён пад нумарам 323. Менавіта гэты атрад ажыццявіў на Свіслацкай зямлі страшнае, жорсткае і крывавае злачынства, замучылі ў кар'еры каля в. Гаркаўшчына 44 жыхары вёсак Незбодзічы і Гайданкі ў чэрвені 1942 года. Адначасова ў Белавежы дзейнічаў атрад жандармерыі, дапаможнай паліцыі, якая складаецца з мясцовага насельніцтва, акрамя гэтага, дзейнічалі пасты лясной аховы, якая налічвае 10-30 чалавек. Усе гэтыя нямецкія сілы і ахоўвалі пушчу ад партызан і наводзілі страх на мясцовае насельніцтва.