"Фрагменты былой сядзібы" ў в. Вердамічы

Комплекс збудаваны ў XIXст. на землях, набытых Юльянам Талочкам, упершыню маёнтак пазначаны як маёмасць Талочкаў у 1817г. Да першай чвэрці XIX стагоддзя на месцы маёнтка рос лес. Каля 1830 года Юльян Талочка пабудаваў палац і заклаў парк, як сядзібны парк пейзажнага тыпу на раўнінным рэльефе, (плошча каля 12 га). Цэнтрам кампазіцыі быў палац (не захаваўся; спалены ў 1915 годзе), які з паўночнага захаду і паўночнага ўсходу абмежавала сістэма вадаёмаў, з паўднёвага ўсходу і паўднёвага захаду - парк з размешчанымі ў ім мураванымі гаспадарчымі пабудовамі. Перад паўднёвым фасадам палаца быў круглы ў плане парадны двор. Тэрыторыя абнесена мураванай сцяной. Ад уяздной брамы разыходзяцца цэнтральная і кальцовая алеі.  

Акрамя парка і палаца на тэрыторыі сядзібы былі і іншыя пабудовы: два флігеля, мураваная ўездная брама, кузня, амбар, спіртовы завод, лядоўня.Па-за межамі палаца знаходзіліся могілкі, на якіх у 1905 годзе па праекце архітэктара Тадэвуша Стрыенскага была пабудавана родавая капліца ў стылі неаготыкі. Капліцу пабудавалі адмыслова для старэйшага сына Юльяна, які памёр у 1904 годзе ў 15 год. Да неагатычнай капліцы ад дома ўздоўж саду праз парк вяла ліпая алея. На фасадзе капліцы напісана: "Synowi" ("Сыну"). У гонар сыну Юльян устанавіў у парку крыж на гранітным пастаменце. Капліца Юльяна Талочкі была адноўлена ў 1998 годзе.

Варта спынніца на архітэктурным абліччы прыбудоўкі да галоўнага корпуса спіртзавода. Імпазантны фасад нагадвае знешнім выглядам велічны сабор. Спірзавод быў для гаспадароў самым галоўным “карміцелем” і сімвалам усяго іх заможнага жыцця. Паўночна – ўсходні фасад спіртзавода з’яўляецца ўнікальным па прыгажосці прыкладам прамысловай архітэктуры канца XIX – XX ст.