Традыцыя прыгатавання "Поразаўскай банкухі" г. п. Поразава

Традыцыя прыгатавання банкухі захавалася ў Поразаве і вёсцы Карэвічы. Сёння гэтым майстэрствам валодаюць гаспадыні з некалькіх сем'яў у трох пакаленнях. Адна з іх-гаспадыня аграсядзібы «У Рыся» Яніна Казюк. Традыцыю таксама актыўна падтрымліваюць і знаёмяць з ёй Алена Казюк, Ганна Шалкевіч. У выніку сярод тых, хто пераймае сакрэты прыгатавання банкухі — моладзь, мясцовыя школьнікі.

Назва "банкуха", відавочна, паходзіць ад нямецкай назвы "баумкухен", што азначае дрэва-пірог. І торт вонкава на самай справе на яго вельмі падобны: нібы ёлка з галінкамі, якая ў зрэзе нагадвае спіл дрэва з гадавымі кольцамі. Атрымліваецца такі выгляд дзякуючы спецыяльнай тэхналогіі, калі драўляны валік пакрываецца вадкім тэстам, якое запякаецца побач з адкрытым агнём, затым наносіцца і запякаецца новы пласт тэсту і так паўтараецца шмат разоў. Падобны пірог вядомы ў Літве пад назвай «шакоціс», і ў Польшчы - «сэнкач». Усе гэтыя назвы адлюстроўваюць форму прадукту: яго адыходзячыя ад цэнтра галіны.

Рэцэпт і знешні выгляд Поразаўскай банкухі адрозніваюцца ад сваякоў у суседніх краінах. Беларуская банкуха больш галінастая і не мае ніякага дадатковага дэкору, у той час як нямецкі баумкухен можа быць гладкім і дэкараваны шакаладам і глазурай. Поразаўская банкуха захавалася ў першапачатковым варыянце, без змен і модных кулінарных тэндэнцый.